БРУС КОНАК: ЗША ЗАНЕПАКОЕНЫЯ ЎЦІСКАМ АСНОЎНЫХ СВАБОД У БЕЛАРУСІ
Злучаныя Штаты Амэрыкі выказваюць закляпочанасьць адносна прыняцьця беларускім парлямэнтам новага Закону аб свабодзе вераспавяданьняў і рэлігійных арганізацыях і настойваюць на тым, каб Аляксандар Лукашэнка яго не падпісваў. Пра гэта заявіў палітычны дарадца місіі ЗША ў АБСЭ Брус Конак, выступаючы на паседжаньні Сталай рады АБСЭ, якое прайшло ў Вене 10 кастрычніка.
Конак заявіў, што ЗША таксама падзяляюць закляпочанасьць упаўнаважанага АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Фраймута Дувэ адносна ўціску свабоды СМІ й свабоды выказваньня ў Беларусі. “Абвінавачваньне й заключэньне пад варту нават не аднаго, а трох журналістаў за апошнія месяцы ў Беларусі, уяўляюць сабой спробу ўладаў запужаць незалежных журналістаў і парушае цэнтральнае абавязацельства АБСЭ па свабодзе выказваньня”, -- заявіў Брус Конак.