РАСХОДЫ БЮДЖЭТУ БУДУЦЬ СКАРОЧАНЫЯРост расходаў на выплату заробкаў, пэнсіяў, стыпендыяў, будаўніцтва сацыяльна значных аб’ектаў прывеў да зьмены структуры бюджэту 2002 году. У выніку да канца году немагчыма ў поўным аб’ёме прафінансаваць бюджэтныя ўстановы, выдаткаваць неабходныя сродкі на капітальныя ўкладаньні. Таму расходы рэспубліканскага бюджэту зараз будуць больш жорсткімі з улікам усталяваных прыярытэтаў і сканцэнтраваныя на выкананьні важнейшых дзяржаўных праграмаў і мерапрыемстваў. Аб удакладненьні асобных паказчыкаў бюджэту Беларусі на 2002 год, пераразьмеркаваньні артыкулаў яго расходаў ішла размова на паседжаньні Прэзыдыюму Савету міністраў. Яно адбылося 15 кастрычніка ў Доме ўраду і прайшло пад старшынствам першага віцэ-прэм’ера Сяргея Сідорскага.
Як адзначыў у дакладзе міністар фінансаў Мікалай Корбут, для пераадоленьня дэфіцыту бюджэту можна атрымаць дадаткова даходаў на 245 мільярдаў рублёў. Мяркуецца павялічыць і выдаткі, якія складуць 334 мільярды рублёў. Каб укласьціся ў вызначаную суму, прыдзецца зьменшыць расходы па некаторых артыкулах. Па прапанове Мікалая Корбута, неабходна скарэктаваць у бок зьмяншэньня асыгнаваньні на некаторыя праграмы. Атрыманыя ж дадатковыя даходы будуць накіраваныя на заробак і іншыя трансфэрты насельніцтву, на харчаваньне, камунальныя паслугі, абслугоўваньне дзяржаўнай пазыкі. Усе так званыя абароненыя артыкулы расходаў будуць захаваныя. Так, на заробак і іншыя выплаты будзе накіравана 107,2 мільярды рублёў. Карэктыроўка расходаў адбываецца з-за рэальных магчымасьцяў фінансаваньня, падкрэсьліў Мікалай Корбут. Па прапанове старшыні Нацыянальнага банка Пятра Пракаповіча, дадатковыя грошы можна атрымаць ад замежных і ўнутраных банкаўскіх крэдытаў, тым больш што невысокі ўзровень дзяржаўнай замежнай пазыкі дазваляе гэта зрабіць.
Падсумоўваючы, Сяргей Сідорскі падкрэсьліў важнасьць фінансаваньня саюзных праграмаў. Павінны быць забясьпечаныя таксама і артыкулы расходаў на навуку, ахову здароўя. Агулам пастаўленая задача выканаць бюджэт у максымальным аб’ёме. Прэзыдыюм Савміну прыняў рашэньне за два дні дапрацаваць удакладненьні да бюджэту, паведамляе
БЕЛТА.
| Што вы думаеце на гэты конт? |
|