| in English / по-русски |
ПРЫСУД ІВАШКЕВІЧУ ПАКІНУЛІ БЯЗЬ ЗЬМЕНАЎ 15-га кастрычніка Менскі гарадзкі суд пастанавіў пакінуць у сіле прысуд Першамайскага раённага суду галоўнаму рэдактару газэты "Рабочы" Віктару Івашкевічу. Касацыйную скаргу адваката Тацяны Станкевіч суд адхіліў. Распачаты а 10-й раніцы разгляд скаргі доўжыўся ня больш за паўгадзіны. На адмену выраку суду першае інстанцыі ні В.Івашкевіч, ні адвакат Т.Станкевіч не разьлічвалі. Адзінае, на што спадзяваўся галоўны рэдактар "Рабочага", - гэта скарачэньне тэрміну абмежаваньня волі паводле Закона аб амністыі. (У аналягічнай справе журналістаў гарадзенскае "Пагоні" менавіта суд вышэйшае інстанцыі абвесьціў пра скарачэньне тэрміну "хіміі" на год кожнаму). У справе В.Івашкевіча судзьдзі вырашылі перакласьці гэтае рашэньне на начальства спэцкамэндатуры, дзе будзе адбываць пакараньне журналіст. Пасьля суду галоўны рэдактар "Рабочага" пракамэнтаваў Радыё Рацыя судовы вэрдыкт: - Зразумела, што гэта расправа над журналістам і свабодай слова. Але робіцца гэта ў такой “нястрашнай” форме, -- як яны сказалі: мы ж вам не 5 гадоў далі... Але і 2 гады абмежаваньня волі – таксама не ўхвала. І ўсё гэта – на фоне скарачэньня колькасьці незалежных газэт у сувязі з эканамічным і палітычным ціскам... Як паведаміла адвакат асуджанага Т.Станкевіч, у іх яшчэ ёсьць магчымасьць абскардзіць прысуд у парадку нагляду: - Мяркую, што мы пройдзем увесь шэраг скаргаў ва ўсіх інстанцыях. Я ня думаю, што вырак хоць адна інстанцыя зьменіць, але думаю, што гэта трэба – проста каб зрабіць усё магчымае ў гэтай сытуацыі. Нагадаем, 16-га верасьня суд Першамайскага раёну Менску прыгаварыў галоўнага рэдактара газэты "Рабочы" Віктара Івашкевіча да 2 гадоў абмежаваньня волі (т.зн. "хіміі"). Судзьдзя У.Кобышаў прызнаў журналіста вінаватым у замаху на зьнявагу й паклёп на прэзыдэнта РБ (ч. 2 арт. 367 і 368 з ужываньнем ч. 1 і 2 арт. 14 Крымінальнага кодэкса). Крымінальная справа была заведзеная пракуратурай Першамайскага раёну Менску ў жніўні 2001 г. па факце публікацыі ў перадвыбарчым нумары газэты артыкула "Вор должен сидеть в тюрьме". Матэрыял распавядаў пра карупцыю ва ўладзе й, паводле меркаваньня пракуратуры, утрымліваў ілжывыя й зьневажальныя для А.Лукашэнкі зьвесткі. Спэцвыпуск ня трапіў да чытача: увесь наклад "Рабочага" быў сканфіскаваны 28-га жніўня 2001 г. у друкарні "Мэджык", якой перад выбарамі кіраваў намесьнік старшыні Дзяржкамдруку Ўладзімер Глушакоў. Спачатку Віктар Івашкевіч праходзіў па справе сведкам. 20 чэрвеня г.г. галоўнаму рэдактару газэты ўручылі пастанову аб прыцягненьні яго да крымінальнай адказнасьці ў якасьці зьвінавачанага. Суд над Віктарам Івашкевічам распачаўся 11 верасьня й быў закрытым.
Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая
|